СТОП 193.1!

Гэтая старонка прысьвечаная грамадзкай кампаніі за скасаваньне артыкула 193.1 КК РБ, які супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародным абавязкам, узятым на сябе нашай краінай. Кампанія ініцыяваная Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў...

 
 
Новае на сайце:

 

Грамадзкая кампанія "Стоп 193.1!"

Артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адказнасьць за дзейнасьць незарэгістраванага аб'яднаньня, рэлігійнай арганізацыі альбо фонда – да 2-х гадоў турмы.

Наяўнасьць артыкула 193.1 перашкаджае нармальнаму разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці ў краіне, асабліва з улікам складанай (прычым складанасьць гэтая штучная і наўмысная) працэдуры рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў. Ён трактуе як злачынства практычна любую самастойную ініцыятыву грамадзянаў. Парушае права грамадзянаў на аб'яднаньне і супярэчыць Усеагульнай Дэклярацыі Правоў Чалавека, Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах ды іншым міжнародным прававым абавязкам, якія ўзяла на сябе Рэспубліка Беларусь. І сваёй жа Канстытуцыі, урэшце рэшт, якая артыкулам 36 замацоўвае права кожнага на свабоду аб'яднаньняў.

Крымінальная адказнасьць за дзейнасьць незарэгістраванай арганізацыі існуе таксама ў Туркменістане, Таджыкістане, Кітаі, Паўночнай Карэі.

З часу ўвядзеньня новага артыкула ў Крымінальны кодэкс (15.12.2005) прайшло амаль 4 гады. Асуджаныя 17 чалавек. Асноўная колькасьць прыцягненьняў паводле артыкулу прыпала на 2006 (9 чалавек) і 2007 (6 чалавек) гады, што тлумачыцца гарачым перад- і пасьлявыбарчым пэрыядам. У 2008 і 2009 гадох паводле артыкулу былі пакараныя па адным чалавеку. Нягледзячы на тое, што кіраўніцтва Беларусі у цяперашні момант актыўна заляцаецца да Захаду – адмяняць ганебны артыкул 193.1 намераў, наколькі відаць, няма. Больш за тое, ён працягвае ўжывацца. У гэтым, 2010 годзе, папярэджаньні за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі былі вынесеныя тром прадстаўнікам “Маладога фронту”.

Прыканцы красавіка 2009 году зь ініцыятывы Асамблеі НДА – аб'яднаньня больш як 250 грамадзкіх арганізацыяў ды ініцыятываў - распачалася кампанія “Стоп 193.1”.

Кампанія мае на мэце дабіцца скасаваньня артыкула 193.1 праз ціск на ўлады і ўплыў на міжнародныя інстытуцыі, супольныя дзеяньні, інфармаваньне насельніцтва аб праблеме.

Вы можаце далучыцца да кампаніі, адаслаўшы зварот у Палату Прадстаўнікоў з патрабаваньнем неадкладна выключыць з Крымінальнага кодэкса артыкул 193-1 і скасаваць забарону на дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў ва ўсіх актах заканадаўства Рэспублікі Беларусь. А таксама праз удзел у іншых ініцыятывах у межах кампаніі.

Да кампаніі далучаюцца і замежныя арганізацыі, якія высылаюць звароты ў дзяржаўныя органы Беларусі, а таксама зьвяртаюцца да ўрадаў сваіх краінаў дзеля таго, каб праінфармаваць іх аб існаваньні ў беларускім заканадаўстве дыскрымінацыйнага закону адносна грамадзянскай супольнасьці Беларусі і заклікаюць выкарыстаць магчымыя дыпляматычныя захады дзеля ўплыву на беларускае кіраўніцтва.

«Стоп 193.1» падтрымалі: Östgruppen (Швэцыя), FrontLine Defenders (Ірляндыя), Civil Belarus (Чэхія), Human Rights House Network.

Любыя прапановы да зьместу кампаніі для нас важныя. Але яшчэ больш важны ваш удзел і падтрымка!

Даведка:

У Беларусі працуе вялікая колькасьць незарэгістраваных арганізацыяў – некалькі соцень. Гэтыя арганізацыі займаюцца сацыяльнай, праваабарончай, спартовай, дабрачыннай дзейнасьцю, а таксама аховай навакольнага асяроддзя і абаронай меньшасьцяў. Такая сытуацыя склалася ў сувязі са звышскладанай працэдурай рэгістрацыі няўрадавых арганізацыяў ды існуючай практыкай незаконных і безпадстаўных адмоваў у рэгістрацыі. Так, напрыклад, моладзевай арганізацыі Малады Фронт адмаўлялі ў рэгістрацыі 3 разы, Праваабарончаму цэнтру «Вясна» - 3 разы (у тым ліку двойчы на працягу 2009 года), Беларускай Хрысіцянскай Дэмакратыі – 3 разы, Асамблеі НДА – 2 разы.