Група Дзядоў Марозаў зьвярнулася да генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча з заявай, у якой чыстасардэчна прызналася ў дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі.
Дабрахвотная здача адбылася ў Менску 15 кастрычніка: удзельнікі, апранутыя ў парадныя марозныя строі, аднесьлі заяву ў генэральную пракуратуру Беларусі. У дакумэнце адзначалася наступнае:
“Паведамляем, што мы бярэм удзел у дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня Дзядоў Марозаў, якое не прайшло ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю органамі юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Гэтае незарэгістраванае аб’яднаньне цягам шматгадовага пэрыяду ажыцьцяўляе наступную дзейнасьць: арганізоўвае сьвяткаваньні Калядаў і Новага году ў розных населеных пунктах Беларусі, распаўсюджвае калядныя і навагоднія падарункі (у тым ліку сярод непаўнагадовых), выступае на сходах, а таксама ў друкаваных ды іншых сродках масавай інфармацыі зь віншаваньнямі й найлепшымі пажаданьнямі”.
Аднак, з улікам таго, што дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў у Рэспубліцы Беларусь забароненая, ініцыятары акцыі папрасілі ў пісьмовай форме генэральнага пракурора даць бескампрамісную ацэнку іх «чорнай дзедамарознай справе».
Сваімі дзеяньнямі ўдзельнікі мерапрыемства імкнуцца зьвярнуць увагу на абсурднасьць артыкула 193.1 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасьць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.
Акцыя адбылася ў межах кампаніі «Стоп 193.1!», ініцыяванай Асамблеяй НДА Беларусі.
У гэты момант мужчына ў цывільнай вопратцы (на фота бачнае толькі ягонае плячо - справа), відаць, ня здолеў утрымаць інстынкты і пачаў нападаць на фотакарэспандэнта. Інцыдэнт быў вычарпаны праз 5 хв.
Мерапрыемства завершылася ўрачыстым зачытваньнем заявы да генэральнага пракурора.