СТОП 193.1!

Гэтая старонка прысьвечаная грамадзкай кампаніі за скасаваньне артыкула 193.1 КК РБ, які супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародным абавязкам, узятым на сябе нашай краінай. Кампанія ініцыяваная Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў...

 
 

Практыка выкарыстаньня арт.193.1

Прыняты напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году новы крымінальны артыкул 193.1 быў неадкладна задзейнічаны для барацьбы зь непажаданымі для ўладаў арганізацыямі: ужо ў 2006 годзе па ім былі асуджаныя прадстаўнікі незарэгістраванай ініцыятывы па маніторынгу выбарчага працэсу “Партнэрства” і незарэгістраванага “Маладога фронту” (з шасьці асуджаных толькі адзін атрымаў штраф, астатнім было вызначанае пакараньне, зьвязанае з пазбаўленнем альбо абмежаваннем волі). У 2007 годзе колькасць асуджаных па артыкуле 193.1 павялічылася да дзевяці асобаў, але пры гэтым пакараньне звычайна не было зьвязанае з пазбаўленнем волі (зафіксаваны толькі адзін такі выпадак). У 2008 годзе быў зафіксаваны адзін абвінаваўчы прысуд, таксама як і за першыя паўгады 2009 года. На дадзены момант вядома пра адну сьледчую справу, якая зьвязаная з абвінавачаньнем па артыкуле 193.1.

На 1 чэрвеня 2009 года праваабаронцам вядома пра 17 асобаў, асуджаных паводле артыкула 193.1. Сьпіс пададзены ніжэй.

Крымінальная справа супраць

  • Эдварда Зелянкова.

Моладзевы актывіст са Жлобіну Эдуард Зелянкоў быў затрыманы 13 сакавіка за нанясеньне графіці. Крымінальная справа супраць яго была ўзбуджаная па артыкулах 193.1 (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі) і 339 (хуліганства) Крымінальнага кодэксу. Следзтва вялося аддзелам унутраных справаў Цэнтральнага раёну г. Гомелю.

На пачатку чэрвеня абвінавачаньне ў хуліганстве з Зелянкова было зьнятае за адсутнасьцю складу злачынства і пакінутае абвінавачаньне ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”. Паводле рашэньня суда Жлобінскага раёну, Эдвард Зелянкоў быў асуджаны да штрафу.

Крымінальная справа супраць

  • Цімафея Дранчука,
  • Аляксандра Шалайкі,
  • Міколы Астрэйкі, Эніры Браніцкай.

22 лютага былі затрыманыя Цімафей Дранчук, Мікола Астрэйка, Эніра Браніцкая і Аляксандр Шалайка, актывісты Грамадзянскай ініцыятывы “Партнёрства”, якая праводзіла назіраньне за выбарамі прэзідэнта. Супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы ў офісах арганізацыі ў Менску і рэгіёнах, а таксама ў кватэрах актывістаў, канфіскаваўшы ўсе носьбіты інфармацыі. Фармальнай падставай для сьледчых дзеяньняў і затрыманьняў зьяўлялася нібыта датычнасьць актывістаў да распаўсюду сатырычных мультфільмаў на палітычныя тэмы, па факце чаго раней ужо была ўзбуджаная крымінальная справа.

1 сакавіка старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка заявіў на прэс- канфэрэнцыі, што апазіцыя запланавала шэраг правакацыяў на дзень выбараў, каардынаваць якія меліся арыштаваныя сябры арганізацыі “Партнёрства”. Паводле С.Сухарэнкі, падчас апазіцыйнага мітынгу запланаваныя некалькі выбухаў, “зьяўленьне крыві і ахвяраў разьвязвае рукі арганізатарам акцыі пратэсту, пасьля чаго пачынаецца захоп будынкаў органаў улады, вакзалаў, перагароджваюцца чыгуначныя каляіны з мэтай поўнага спыненьня функцыянаваньня краіны”. Акрамя таго, “Партнёрства” нібыта падрыхтавала фальшывыя пратаколы “экзіт-пулаў”, паводле якіх перамогу на выбарах атрымаў апазіцыйны кандыдат Аляксандр Мілінкевіч.

2 сакавіка Цімафею Дранчуку, Міколу Астрэйку, Эніры Браніцкай і Аляксандру Шалайку было прад’яўленае абвінавачаньне па ч. 2 арт. 193 Крымінальнага кодэксу РБ (арганізацыя ці кіраваньне дзейнасьцю грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыяй, якая пасягае на асобу, правы і абавязкі грамадзянаў). Усе чацьвёра актывістаў “Партнёрства” падчас сьледзтва знаходзіліся ў сьледчым ізалятары КДБ, а затым былі пераведзеныя ў СІЗА МУС у Менску.

4 жніўня падчас судовага разьбіральніцтва ў судзе Цэнтральнага раёну г. Менску абвінавачаньні па ч. 2 арт. 193 КК РБ былі зьнятыя, а прысуд судзьдзя Леанід Ясіновіч вынес па арт. 193.1 КК РБ (незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонду ці ўдзел у іх дзейнасьці): Мікола Астрэйка быў асуджаны да двух гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калоніі агульнага рэжыму, Цімафей Дранчук – да аднаго году пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калоніі агульнага рэжыму, Аляксандр Шалайка і Эніра Браніцкая – да шасьці месяцаў арышту.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. На яго не дапускаліся ні сваякі абвінавачаных, ні журналісты і прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў.

21 жніўня Эніра Браніцкая і Аляксандр Шалайка былі вызваленыя, паколькі скончыўся тэрмін іхняга арышту.

Мікола Астрэйка быў вызвалены ў лістападзе ў сувязі з заменай вынесенага пакараньня на больш мяккае – папраўчыя работы.

Цімафей Дранчук быў вызвалены 26 сьнежня ўмоўна-датэрмінова, адбыўшы 9 месяцаў у зьняволеньні.

Крымінальная справа супраць

  • Анастасіі Азаркі.

Крымінальная справа супраць Анастасіі Азаркі была ўзбуджаная УУС Менаблвыканкаму 5 сакавіка па арт. 193.1 КК РБ (незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонду альбо ўдзел у іх дзейнасьці). Дзяўчыну падазравалі ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”.

4 верасьня 2007 г. дзяўчына была аштрафаваная на 40 базавых велічыняў.

Крымінальная справа супраць

  • Зьмітра Дашкевіча.

Зьміцер Дашкевіч быў арыштаваны 15 верасьня па падазрэньні ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт” . У межах крымінальнай справы, узбуджанай згодна з арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу. Моладзевага актывіста выклікалі на допыт у пракуратуру, дзе азнаёмілі з пастановай аб абраньні меры утрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту, а затым адразу ж адвезьлі ў ізалятар. Арышт З. Дашкевіча быў санкцыянаваны Генеральным пракурорам Беларусі П. Міклашэвічам.

Крымінальную справу супраць актывістаў “Маладога Фронту” распачалі супрацоўнікі Камітэту барацьбы з тэрарызмам. Раённыя пракуратуры, згодна з распараджэньнем КДБ, у межах справы дапыталі дзясяткі людзей. У сьпіс падазраваных, апроч Зьмітра Дашкевіча, трапілі Сяржук Лісічонак, Алег Корбан і Барыс Гарэцкі, аднак пазьней справы супраць гэтых моладзевых актывістаў былі спыненыя.

1 лістапада судзьдзя суда Кастрычніцкага раёну г. Менску Ала Булаш прызнала Зьмітра Дашкевіча вінаватым і прыгаварыла яго да году і шасьці месяцаў пазбаўленьня волі. Суд насіў закрыты характар. Менскі гарадзкі суд не задаволіў касацыйную скаргу Дашкевіча і пакінуў прысуд суда першай інстанцыі без зьменаў.

Яшчэ да ўступленьня прысуду ў законную сілу Зьміцер Дашкевіч быў накіраваны ў Шклоўскую калонію Магілёўскай вобласьці, дзе і адбыў пакараньне.

Крымінальная справа cупраць Насты Палажанкі, Зьмітра Хведарука,Аляксея Янушэўскага, Алега Корбана, Барыса Гарэцкага

Крымінальная справа была ўзбуджаная 4 лютага ўпраўленьнем КДБ па Менску па арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу — Â«арганізацыя дзейнасьці аб’яднаньня, фонду ці рэлігійнай арганізацыі, якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі, ці ўдзел у ёй». У гэты дзень адбылося масавае затрыманьне ўдзельнікаў паседжаньня Цэнтральнай Рады незарэгістраванай арганізацыі «Малады Фронт», якое праводзілася ў прыватнай кватэры ў Менску. Некалькі дзясяткаў затрыманых моладзевых актывістаў праз пэўны час былі вызваленыя, а Зьміцер Хведарук і Алег Корбан — зьмешчаныя ў СІЗА КДБ, дзе правялі трое сутак у якасьці падазраваных па ўзбуджанай крымінальнай справе. Пазьней у якасьці падазраваных па гэтай справе былі прыцягнутыя Барыс Гарэцкі, Аляксей Янушэўскі і непаўнагадовая Наста Палажанка.

Абвінавачаньне грунтавалася на канфіскаваных падчас ператрусаў на кватэрах маладафронтаўцаў друкаваных матэрыялах, а таксама на раздрукоўках тэлефонных размоваў і аўдыёзапісе сходаў 29 верасьня 2006 г., 25-га, 29 студзеня, 1, 4 лютага 2007 году. Зьмітра Хведарука абвінавачвалі ў тым, што ён кіраваў Першамайскай радай «Маладога Фронту», Алега Корбана — у кіраўніцтве Партызанскай рады, Аляксея Янушэўскага — Заводзкай, Барыса Гарэцкага — у тым, што ён быў прэс-сакратаром арганізацыі, Насту Палажанку абвінавачвалі ў кіраўніцтве арганізацыйным аддзелам арганізацыі. Мэтай дзейнасьці «Маладога Фронту», на думку абвінавачаньня, зьяўляўся захоп ўлады шляхам масавых вулічных акцыяў.

Судовыя слуханьні па справе праходзілі 28-29 траўня ў судзе Савецкага раёну Менску.

Дзяржабвінаваўца Міхонская прапанавала пакараць Зьмітра Хведарука, Аляксея Янушэўскага, Алега Корбана, Барыса Гарэцкага штрафамі ў памеры 500 базавых велічыняў, а Насту Палажанку — выпраўленчымі працамі. Судзьдзя Руслан Аніскевіч прызнаў моладзевых актывістаў вінаватымі ва ўчыненьні крымінальнага злачынства і вынес наступныя пакараньні: Зьміцер Хведарук — штраф у памеры 40 базавых велічыняў (1 млн. 240 тыс. руб.), Алег Корбан, Аляксей Янушэўскі, Барыс Гарэцкі — штрафы ў памеры 30 базавых велічыняў (930 тыс. руб.), Насьце Палажанцы вынесеная судовая перасьцярога.

Крымінальная справа супраць

  • Івана Шылы

Крымінальная справа ў дачыненьні да непаўнагадовага моладзевага актывіста з Салігорску Івана Шылы была ўзбуджаная 10 траўня пракуратурай Менскай вобласьці па арт . 193.1 Крымінальнага кодэксу — «арганізацыя дзейнасьці аб’яднаньня, фонду ці рэлігійнай арганізацыі, якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі, ці ўдзел у ёй».

Іван Шыла абвінавачваўся у тым, што «дакладна ведаючы аб тым,што Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь моладзеваму грамадзкаму аб’яднаньню «Малады Фронт» адмоўлена ў дзяржаўнай рэгістрацыі, з 26 лістапада 2006 году ажыцьцяўляў незаконную арганізацыю дзейнасьці дадзенага аб’яднаньня і ўдзельнічаў у яго дзейнасьці пры наступных абставінах. Так, ён, зьяўляючыся кіраўніком структурнага падразьдзяленьня (суполкі) моладзевага грамадзкага аб’яднаньня «Малады Фронт» у г. Салігорску Менскай вобласьці і яго актывістам,для дасягненьня мэтаў,вызначаных статутам аб’яднаньня, прыняўактыўны ўдзел у мерапрыемствах аб’яднаньня, шэраг якіх былі арганізаваныя з ягоным непасрэдным удзелам:

  • па месцы свайго жыхарства не пазьней чым 11 траўня 2007 г. з мэтай уцягваньня ў аб’яднаньне новых сяброў, з дапамогай кампутарнай тэхнікі вырабіў візітоўкі і ўлёткі ад імя МГА «Малады Фронт», у якіх указаў нумар свайго мабільнага тэлефону;

  • па месцы свайго жыхарства да 11 траўня 2007 г. захоўваў іншую атрыбутыку аб’яднаньня «Малады Фронт»: значкі з мэтай іх распаўсюду і ўцягваньня ў аб’яднаньне новых сяброў;

  • па месцы свайго жыхарства не пазьней 11 траўня 2007 г. з дапамогай кампутарнай тэхнікі склаў і вырабіў ад імя аб’яднаньня «Малады Фронт» брашуры з назвай «Свабоду палітычным вязьням» з указаньнем нумару свайго мабільнага тэлефону з мэтай уцягваньня ў аб’яднаньне новых сяброў і распаўсюджваў указаныя брашуры сярод жыхароў гораду Салігорску;

  • па месцы свайго жыхарства з дапамогай кампутарнай тэхнікі ад імя аб’яднаньня «Малады Фронт» вырабіў газету «Свабодны Салігорск», у якой распаўсюджваў інфармацыю пра дзейнасьць аб’яднаньня «Малады Фронт», мерапрыемствы, якія ім праводзяцца, з указаньнем нумару свайго мабільнага тэлефону з мэтай уцягваньня новых сяброў і распаўсюджваў гэтую газету сярод жыхароў гораду Салігорску;

  • у перыяд з 18 па 20 студзеня 2007 г. арандаваў кватэру ў г. Салігорску, дзе захоўваў друкаваную прадукцыю, плакаты і павязкі аб’яднаньня «Малады Фронт» для забесьпячэньня яго дзейнасьці;

  • па месцы свайго жыхарства 30 траўня 2007 г. склаў «План дзейнасьці Салігорскага «Маладога Фронту» на чэрвень —сьнежань 2007 г.»;

  • на рынку «Старавакзальны» ў г. Салігорску 4 студзеня 2007 г. каля 11.30 распаўсюджваў перадвыбарчыя ўлёткі ад імя МГА «Малады Фронт»;

  • па месцы свайго жыхарства ў перыяд з 15.10 да 15.49 па тэлефоне даў інтэрвію журналісту «Еўрапейскага радыё для Беларусі» і іншым журналістам аб арганізацыі і правядзеньні 20 студзеня 2007 г. пікетаў ад імя МГА «Малады Фронт»;

  • на цэнтральнай плошчы ў г. Салігорску Менскай вобласьці 20 студзеня 2007 г. каля 16 гадзінаў арганізаваў і правёў пікет ад імя МГА «Малады Фронт», дэманструючы плакат «Свабоду Дашкевічу»;

  • зьвярнуўся 26 лютага 2007 г. у Салігорскі райвыканкам з заявай аб працы грамадзкага аўтатранспарту і па іншых пытаньнях, публічна зьвязваючы вынікі яе разгляду з дзейнасьцю аб’яднаньня «Малады Фронт».

4 верасьня суд Салігорскага раёну з удзелам дзяржаўнага абвінаваўцы пракурора А. І. Чарнышэвіча разгледзеў крымінальную справу адносна Івана Шылы ў адкрытым судовым паседжаньні. Судзьдзя В. Н. Лапіна прызнала моладзевага актывіста вінаватым ва ўчыненьні крымінальнага злачынства, прадугледжанага арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь, і вынесла Івану Шылу судовую перасьцярогу.

Вынесены прысуд быў абскраджаны ў калегіі па крымінальных справах Менскага абласнога суда, аднак скарга была пакінутая без задавальненьня, а вынесены прысуд — бяз зменаў.

Крымінальная справа супраць

  • Яраслава Грышчэні

Моладзевы актывіст з гораду Баранавічы Яраслаў Грышчэня абвінавачваўся ва ўчыненьні злачынства, прадугледжанага арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу — «арганізацыя дзейнасьці аб’яднаньня, фонду ці рэлігійнай арганізацыі, якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі, ці ўдзел у ёй».

Паводле пастановы аб узбуджэньні крымінальнай справы, якую вынес пракурор г. Баранавічы, старэйшы дарадца юстыцыі А. П. Смаль, «непаўнагадовы Грышчэня Я. С. пасьля заявы ў Баранавіцкі ГАУС, якую ён зрабіў 20 красавіка 2007 году аб добраахвотным спыненьні ўдзелу ў дзейнасьці моладзевага грамадзкага аб’яднаньня «Малады Фронт», якое не прайшло ва ўстаноўленым парадку дзяржаўнай рэгістрацыі, фактычна працягнуў удзел у дзейнасьці гэтага незарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня пры правядзеньні шэсьця «Чарнобыльскі шлях» 26 красавіка 2007 году, пра што сьведчаць адзьнятыя відэаматэрыялы».

Суд над Яраславам Грышчэнем пачаўся 10 верасьня ў судзе Баранавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Падчас судовага разьбіральніцтва пракурор, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачаньне, прапанаваў пакараць актывіста на 1 год пазбаўленьня волі ўмоўна. Судзьдзя Васіль Петрыў прызнаў Яраслава Грышчэню вінаватым у інкрымінуемым злачынстве і прыняў рашэньне аб пакараньні яго штрафам у памеры 30 базавых велічын (930 тысячаў рублёў).

27 сакавіка ў Полацкім гарадзкім судзе павінен быў пачацца судовы працэс над моладзевай актывісткай Кацярынай Салаўёвай, адлічанай у студзені 2008 году з 2 курсу гісторыка-філалагічнага факультэту Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту. У канцы лютага ёй прад’явілі афіцыйнае абвінавачаньне па крымінальным артыкуле 193.1 КК РБ за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі «Малады Фронт» і перадалі матэрыялы справы ў суд.

8 красавіка ў Полацку абвешчаны прысуд па крымінальнай справе ў дачыненьні да моладзевай актывісткі Кацярыны Салаўёвай. Судзьдзя Марозава абвінаваціла яе ў крымінальным злачынстве, прадугледжаным арт. 193.1. Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі «Малады Фронт». Нягледзячы на пратэст міжнароднай і беларускай грамадзкасьці, якія лічаць дадзены крымінальны арыкул неадпаведным міжнародным прававым нормам і палітычна матываваным, Касю Салаўёву пакаралі штрафам у памеры 50 базавых велічыняў. Падчас суду моладзь зладзіла пікет на знак салідарнасьці з маладафронтаўкай, за што пасьля некалькі актывістаў былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці.

У сьнежні 2006 году былі распачатыя крымінальныя справы па артыкулу 193.1 супраць сябраў незарэгістраванай арганізацыі РНЕ Міхаіла Якаўчука і Андрэя Несцяровіча. Неўзабаве, у ліпені 2007 году Міхаіл Якаўчук быў асуджаны на 6 месяцаў арышту. Андрэй Несьцяровіч здолеў схавацца ад крымінальнага перасьледу, але, таксама, быў прызнаны вінаватым.

Ні па воднай судовай справе, датычнай артыкулу 193.1, суд не прызнаваў абвінавачаных невінаватымі – ніводнага апраўдальнага прысуду не было зафіксавана.

Апроч справаў, якія скончыліся судовымі прысудамі, было зафіксавана некалькі справаў, паводле якіх сьледства было прыпыненае і яны не дайшлі да суда. Гэта датычыць некалькіх іншых актывістаў Маладога Фронта (Сяргей Лісічонак, Сяргей Марчык, Андрэй Цянюта, Арсеній Ягорчанка, Кірыл Атаманчык і іншыя). Таксама вядома пра сьледчыя дзеяньні паводле артыкула 193.1 у дачыненьні да актывістаў Гомельскага маладзёвага цэнтру “Гарт” (Сяргей Сямёнаў) і некаторых іншых актывістаў “Партнэрства” (Андрэй Панасік).

Варта адзначыць, што апроч тых справаў, якія патрапілі ў суд, былі зафіксаваныя яшчэ і дзясяткі выпадкаў, калі пагроза прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці па артыкуле 193.1 выкарыстоўвалася для застрашэньня грамадскіх актывістаў. Выносіліся афіцыйныя пракурорскія папярэджаньні з боку пракуратуры, а таксама неафіцыйныя папярэджаньні падчас допытаў альбо размоваў з прадстаўнікамі спэцслужбаў. Пракурорскія папярэджаньні аб магчымым прыцягненьні да крымінальнай адказнасьці ў выпадку працягненьня дзейнасьці у складзе незарэгістраванай арганізацыі выносіліся некаторым актывістам Маладога фронту, Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў, а таксама Сяргею Салашу (ініцыятыва “За чысты Барысаў”), Віктару Гарбачову (зарэгістраванае ва Ўкраіне грамадскае аб’яднаньне “За свабоднае прадпрымальніцтва”) і Тэрэсе Селівончык (аддзел Саюза Палякаў у горадзе Баранавічы). Тэкст апошняга з гэтых папярэджаньняў – скачаць можна тут. Такім чынам, артыкул 193.1 крымінальнага кодэкса мае значэньне ня толькі як сродак прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці, але і як сродак ціску на непажаданую для ўладаў грамадзянскую актыўнасьць. Пагроза крымінальнага перасьледу часцяком прымушае сябраў нефармальных ініцытываў альбо ўвогуле спыніць сваю дзейнасць, альбо зрабіць яе менш актыўнай.

Справа паводле арт. 193.1 у дачыненьні рэлігійнай арганізацыі

У чэрвені 2009 г. пракуратура Менску пачала крымінальную справу па арт. 193.1 КК супраць прадстаўніка рэлігійнай арганізацыі. 25-гадовага жыхара сталіцы Яўгена Воўкава абвінавачвалі ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванага “Руху яднаньня” (Царква Муна). Як адзначае прадстаўнік ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч, праваабаронцы занепакоеныя вяртаньнем уладаў да практыкі выкарыстаньня гэтага артыкулу.

“Трэба адзначыць, што з 2006 г., калі ўступіў у дзеяньне арт. 193.1, гэта першая крымінальная справа супраць прадстаўнікоў незарэгістраваных рэлігійных арганізацыяў. І натуральна, мы як праваабаронцы выказваем вельмі вялікую занепакоенасьць гэтым. Улады пэўны пэрыяд не выкарыстоўвалі гэтага артыкулу, быў нейкі мараторый на яго выкарыстаньне. Як усе мы памятаем, летась прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці Кацярыну Салаўёву, актывістку “Маладога фронту” з Полацку. І пасьля гэтага фактычна крымінальны артыкул 193.1 не выкарыстоўваўся. І вось цяпер па ім пачалі новую справу”, – кажа Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што настойваюць на скасаваньні арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь.

“У краіне распачалася кампанія за адмену гэтага артыкулу, ініцыяваная Асамблеяй НДА. І мы лічым, што, па-першае, гэта ганебна – мець такі артыкул у Крымінальным кодэксе краіны. А па-другое, выклікае зьдзіўленьне, што пасьля заяваў і Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, і міжнародных праваабарончых арганізацыяў, у якіх значыцца патрабаваньне да ўладаў краіны аб адмене гэтага артыкулу, арт. 193.1 у Беларусі па-ранейшаму выкарыстоўваецца. Мы спадзяемся, што нашым уладам хопіць розуму не даводзіць гэтай справы да судовага разьбіральніцтва”, – адзначае праваабаронца.

Паводле В. Стэфановіча, адносна гэтай крымінальнай справы няма доказаў таго, што дзейнасьць Царквы Муна ўяўляе зь сябе нейкую пагрозу. Арт. 193.1 КК якраз і не патрабуе доказаў шкоды ад дзейнасьці якой-небудзь арганізацыі. Тут проста фармальны склад злачынства – “дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”, незалежна ад таго, чым гэтая арганізацыя займаецца.

“Што датычыць канкрэтна Царквы Муна, наколькі мне вядома, праводзілася экспэртыза ў гэтай крымінальнай справе, якая не ўстанавіла таго, што дзейнасьць гэтай арганізацыі носіць характар распальваньня рэлігійнай варожасьці. І я падазраю, што няма ніякіх афіцыйных дакумэнтаў, якія б забаранялі дзейнасьць гэтай царквы на тэрыторыі Беларусі.

Але для нас тут важнае менавіта выкарыстаньне гэтага артыкулу, бо ён не патрабуе доказаў нейкай шкоды. І так можна прадстаўніка любой арганізацыі падвесьці пад крымінальную адказнасьць”, – падкрэсьлівае В. Стэфановіч.

Да таго ж, праваабаронца зьвяртае ўвагу на тое, што сьледчы ў крымінальнай справе супраць Яўгена Воўкава – асоба невыпадковая. На гэтую пазыцыю прызначылі старэйшага сьледчага па найважнейшых справах пракуратуры Менску, малодшага саветніка юстыцыі С. Грахоўскага, які перасьледаваў актывістаў “Маладога фронту”: Н. Палажанку, А. Корбана, З. Хведарука, Б. Гарэцкага і А. Янушэўскага.

29 чэрвеня 2009 г. сьледчы С. Грахоўскі адмовіў Ігару Валюку, які праходзіць сьведкам па крымінальнай справе, у прысутнасьці адваката на допыце. Пра гэта паведаміў адвакат Павел Сапелка, зь якім у І. Валюка заключанае адпаведнае пагадненьне. Гэтая адмова расцэньваецца як супрацьдзеяньне аказаньню прававой дапамогі ды ёсьць недапушчальнаю. Дзеяньні сьледчага груба парушаюць арт. 62 Канстытуцыі РБ, які гарантуе кожнаму грамадзяніну “права на юрыдычную дапамогу для ажыцьцяўленьня і абароны правоў і свабодаў, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў у судзе ды іншых дзяржаўных органах”.

20 жніўня Яўген Волкаў паведаміў, што пракуратура Менску спыніла крымінальную справу супраць яго, пачатую па арт. 193.1. У чэрвені 2009 г. маладога чалавека абвінавацілі ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванага “Руху яднаньня” (Царква Муна).

“Мяне выклікалі ў пракуратуру і паведамілі, што крымінальная справа супраць мяне спыненая, і выдалі адпаведную паперу”, – распавёў Я. Волкаў.

У лісьце за подпісам старэйшага сьледчага па найважнейшых справах, малодшага саветніка юстыцыі С. Грахоўскага, паведамляецца, што 18 жніўня 2009 г. пракуратура Менску завяршыла папярэдняе сьледзтва па крымінальнай справе, пачатай супраць Я. Воўкава 18 чэрвеня па арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь.

“Па выніках сьледзтва вынесеная пастанова пра спыненьне вытворчасьці па крымінальнай справе на падставе арт. 29 ч. 1 п. 2, 250–251 КПК Рэспублікі Беларусь – у зьвязку з адсутнасьцю складу злачынства ў Вашых дзеяньнях”, – гаворыцца ў паведамленьні.

У сьнежні 2009 г. крымінальную справу супраць Воўкава аднавілі, але неўзабаве зноў спынілі.

 

Відэаролік, прысьвечаны рэпрэсаваным паводле арт.193.1

Падрыхтаваны Östgruppen

-->