СТОП 193.1!

Гэтая старонка прысьвечаная грамадзкай кампаніі за скасаваньне артыкула 193.1 КК РБ, які супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародным абавязкам, узятым на сябе нашай краінай. Кампанія ініцыяваная Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў...

 
 
Што гэта за артыкул - 193.1?

Артыкул, які ўсталёўвае крымінальную адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных аб'яднаньняў.

Артыкул 193.1 Незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб'яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонда альбо ўдзел у іх дзейнасьці.

Арганізацыя дзейнасьці альбо ўдзел у дзейнасьці палітычнай партыі, іншага грамадзкага аб'яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонда, у адносінах каторых маецца рашэньне, якое ўступіла ў сілу, упаўнаважанага органа аб іх ліквідацыі ці прыпыненьні іх дзейнасьці, а роўна арганізацыя дзейнасьці альбо ўдзел у дзейнасьці палітычнай партыі, іншага грамадзкага аб'яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонда, якія не прайшлі ў вызначаным парадку дзяржаўную рэгістрацыю, - караюцца штрафам, альбо арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, альбо пазбаўленьнем свабоды на тэрмін да двух гадоў.

Я не ўваходжу ні ў якія арганізацыі, мяне гэта ня тычыцца. Навошта мне зьвяртаць на гэта ўвагу?

Паводле свайго зьместу, артыкул 193.1 можа быць ужыты да любой групы грамадзян, якія займаюцца сумеснай дзейнасьцю без дзяржаўнай рэгістрацыі.

Па гэтым артыкуле могуць прыцягнуць да адказнасьці, напрыклад, калі больш за 3 чалавекі знаходзяцца ў адным месцы і разам, скажам, саджаюць дрэва, сьпяваюць песьню, ці гуляюць у “фанты”.

Зразумела, артыкул ужываюць, з большага, да тых, каго беларуская ўлада лічыць сваімі апанэнтамі. Але ў сучаснай Беларусі да “апазыцыі” звычайна залічаюць усіх, хто спрабуе думаць і рабіць самастойна, праяўляе ўласную ініцыятыву. Напрыклад, калі людзі спрабуюць зладзіць незалежнае назіраньне ці праводзяць конкурсы для школьнікаў ды студэнтаў па-беларуску, альбо аб'ядноўваюцца дзеля абароны бяздомных жывёлаў.

Можа, гэты артыкул увялі, каб забараніць дзейнасьць тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацый, што тут кепскага?

Зусім ня так. Артыкул 193.1 ня мае дачыненьня да гэтага пытаньня. У Крымінальным кодэксе РБ ёсьць асобныя артыкулы, якія тычацца тэрарыстычных і экстрымісцкіх арганізацыяў:

Статья 193. Организация либо руководство общественным объединением, религиозной организацией, посягающими на личность, права и обязанности граждан

  1. Организация либо руководство политической партией, иным общественным объединением, религиозной организацией, деятельность которых сопряжена с насилием над гражданами, или с причинением им телесных повреждений, или с иными посягательствами на права, свободы и законные интересы граждан, или с воспрепятствованием исполнению гражданами их государственных, общественных, семейных обязанностей,- наказываются арестом на срок до шести месяцев или лишением свободы на срок до двух лет.
  2. Те же действия, связанные с организацией либо руководством политической партией, иным общественным объединением, религиозной организацией, указанными в части первой настоящей статьи, не прошедшими в установленном порядке государственную регистрацию, - наказываются арестом на срок до шести месяцев или лишением свободы на срок до трех лет.
Чаму незарэгістраваныя арганізацыі ня возьмуць ды і не зарэгіструюцца?

На жаль, гэта далёка ня проста. Беларускія ўлады стварылі вельмі складаную працэдуру рэгістрацыі, якая дазваляе не даваць легальнага статусу, абгрунтоўваючы гэта туманымі ды іррацыянальнымі інтэрпрэтацыямі закону ды інструкцыяў. А нярэдка органы юстыцыі адмаўляюць і на падставах, якія зусім не прапісаныя ў законе! Шмат якім арганізацыям беспадстаўна і незаконна адмаўляюць у рэгістрацыі. Праваабарончаму цэнтру «Вясна» - 3 разы (у тым ліку двойчы на працягу 2009 г.), Беларускай Хрысіцянска-Дэмакратычнай партыі – 3 разы, Асамблеі Няўрадавых Дэмакратычных Арганізацыяў – 2 разы. А такіх прыкладаў - дзясяткі.

Цяпер, у Беларусі працуе вялікая колькасьць незарэгістраваных грамадзкіх арганізацыяў – некалькі соцень. Гэтыя арганізацыі займаюцца сацыяльнай, праваабарончай, спартовай, дабрачыннай дзейнасьцю, а таксама аховай навакольнага асяроддзя і абаронай меншасьцяў.

Чаму незарэгістраваныя арганізацыі не абараняюць свае інтарэсы праз суд?

Спробы абараняць свае інтарэсы праз суд прадпрымаюцца практычна пасьля кожнай адмовы ў рэгістрацыі. Суд у нашай краіне не зьяўляецца незалежнай установай, і ніводнага рашэньня на карысьць дабраахвотных арганізацыяў прынята не было.

Можа паспрабаваць зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд наконт адмены гэтага артыкула?

Паводле беларускага заканадаўства грамадзяне ня маюць права самастойна зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд. Органы, якія могуць гэта зрабіць (Палата Прадстаўнікоў, Савет міністраў і да т.п.) не рэагуюць на нашы звароты.

Артыкул даўна не ўжывалі, мо гэтага і дастаткова?

Не, гэтага недастаткова, бо пакуль артыкул існуе і можа быць выкарыстаны ў любы момант ён працуе як сродак псыхалягічнага ціску, і нэгатыўна ўплывае на разьвіцьцё грамадзтва. Плюс пракуратурай выносяцца папярэджаньні за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў, што ўказывае на тое, што артыкул не зьняты з павесткі дня.

Хто ініцыятар кампаніі? На каго працуеце?

Кампанію праводзім з уласнае ініцыятывы. Нашым аб'яднаньням сыстэматычна адмаўляюць у рэгістрацыі і ў той жа час перасьледуюць за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў. Ці не абсурд?

Ці адчуваеце вы сваю адказнасьць за падрыў добрасуседзкіх адносінаў з Эўропай? Бо падымаючы пытаньне аб арт. 193.1 спрыяеце пагаршэньню стасункаў нашай дзяржавы з Эўрапейскім Зьвязам?

Існаваньне артыкула 193.1 ідзе ўпоперак эўрапейскіх нормаў - гэта незалежны ад нас факт, адзін з тых, які перашкаджае разьвіцьцю плённых дачыненьняў паміж Беларусьсю і ЭЗ. Якраз яго скасаваньне - гэта шлях да паляпшэньня гэтых стасункаў.

Няўжо гэта самая галоўная праблема зараз у Беларусі? Навошта рабіць з мухі слана?

Гэта важная праблема, бо яна закранае інтарэсы істотнай часткі грамадзтва – 2 млн. чалавек, які зьяўляюцца сябрамі розных незарэгістраваных групаў і арганізацыяў. І ўплывае на разьвіцьцё краіны, бо некамэрцыйныя арганізацыі робяць у яго свой унёсак.

А раптам, калі дапусьціць дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў, наступіць хаос і бардак?

Такога артыкулу няма ні ў адной краіне СНД ці Эўропы, і досьвед паказвае, што хаос не наступае.

Ну, адменяць артыкул, і што далей? Чым вам гэта дапаможа?

Гэта, канечне, ня будзе апошняй праблемай грамадзтва. Але людзі змогуць без страха займацца карыснай для грамадзтва дзейнасьцю.

Калі каротка, чаго вы патрабуеце?

Мы хочам, каб грамадзкія арганізацыі змаглі свабодна працаваць на карысьць грамадзтва. Для гэтага неабходна выключыць з заканадаўства забарону на дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў.

Паглядзеў фота з вашых акцыяў, нейкі маскарад, думаеце, гэта дапаможа?

Так, спадзяемся, што дапаможа, паколькі наглядна паказвае, наколькі абсурдны артыкул 193.1.

Думаеце, мы зь сябрамі пойдзем нешта рабіць разам і нам штосьці можа быць па гэтым артыкуле?

Прынамсі, такая верагоднасьць існуе. Артыкул 193.1 робіць незаконнай практычна любую сумесную дзейнасьць без дзяржаўнай рэгістрацыі.