СТОП 193.1!

Гэтая старонка прысьвечаная грамадзкай кампаніі за скасаваньне артыкула 193.1 КК РБ, які супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародным абавязкам, узятым на сябе нашай краінай. Кампанія ініцыяваная Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў...

 
 

Увядзеньне арт.193.1 у Крымінальны Кодэкс: “Антырэвалюцыйнае заканадаўства”

Важным кірункам падрыхтоўкі беларускіх уладаў да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году было ўдаскналеньне прававых мэханізмаў палітычных рэпрэсіяў. Напярэдадні выбараў было выдадзена некалькі нарматыўных актаў, якія істотным чынам абмежавалі магчымасьці для палітычных дзеяньняў з боку апазыцыі, узмацнілі санкцыі за “палітычныя” правапарушэньні.

Падчас усіх папярэдніх выбарчых кампаніяў удзельнікі выбарчага працэсу адчувалі на сабе перасьлед. Сродкамі для рэпрэсіяў былі нормы Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях (парушэньні правядзеньня масавых акцыяў, дзейнасьць ад імя незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў), Выбарчага кодэкса (незаконнасьць некаторых мэтадаў палітычнай барацьбы альбо агітацыі), заканадаўства пра палітычныя партыі і грамадзкія аб’яднаньні (абмежаваньні дзеля стварэньня перадвыбарчых кааліцыяў, абмежаваньні на ўдзел грамадзкіх аб’яднаньняў у палітычнай барацьбе), заканадаўства аб правядзеньні мітынгаў і дэманстрацыяў. Але накал палітычнай кампаніі 2006 году і відавочная пагроза распаўсюджаньня на Беларусь практыкаў “каляровай рэвалюцыі” схілілі ўлады да ўвядзеньня новых, больш жорсткіх і дасканалых сродкаў абмежаваньня палітычнай актыўнасьці.

Найбольш значным і гучным фактам з гэтага шэрагу зьяўляеца ўнясеньне зьменаў у Крымінальны кодэкс, якімі ўсталяваная крымінальная адказнасьць за шэраг праяваў палітычнай і грамадзкай актыўнасьці.

25 лістапада 2005 года ў першым чытаньні і 2 сьнежня 2005 года ў другім чытаньні Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла папраўкі ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы, якія ўзмацнілі адказнасць, як гэта было сфармулявана, “за дзеяньні, скіраваныя супраць чалавека і грамадскай бясьпекі”. Гэты законапраект быў унесены ў парлямант 23 лістапада 2005 года ад імя прэзыдэнта, прычым з адзнакай “тэрміновы”.

Разгляд законапраекту адбываўся ў паскораным парадку, зь вялікім розгаласам у беларускай і сусьветнай грамадзкасьці. Нават дэпутаты цалкам кіраванага беларускага парлямэнту выказалі занепакоенасьць надзвычай жорсткім характарам прапанаваных мераў – але пад цікам з боку адміністрацыі прэзыдэнта і Камітэта дзяржаўнай бяспекі (які і распрацоўваў гэты законапраект) новыя папраўкі былі прынятыя. У першым чытаньні 94 дэпутаты Палаты прадстаўнікоў падтрымалі законапрект, адзін прагаласаваў супраць. У другім чытаньні чацьвёра дэпутатаў знайшлі ў сабе мужнасьць прагаласаваць супраць адыёзнага законапраекта, а 97 падтрымалі папраўкі. Савет Рэспублікі зацьвердзіў папраўкі адзінагалосна і практычна без абмеркаваньня. 2 студзеня 2006 года, пасьля падпісаньня прэзыдэнтам і старту выбарчай кампаніі, папраўкі набылі сілу.

Прадстаўляў законапраект у парлямэнце старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Сьцяпан Сухарэнка, ён быў “тварам” гэтага законапраекту, і ў мэдыях за гэтымі папраўкамі замацаваўся назоў “закон Сухарэнкі”. Старшыня КДБ наўпрост заявіў, што галоўная задача гэтага закону – “зьбіць хвалю” магчымых масавых выступаў, якія апазыцыя быццам бы рыхтуе на час выбарчай кампаніі. “Лідэры апазіцыйных палітызаваных фарміраваньняў сьвядома даюць непраўдзівую інфармацыю па палітычным працэсам у Беларусі. Мэта такіх заяў – прымусіць заходнія палітычныя кругі ўвесьці санкцыі супраць Беларусі. Разбуральныя сілы жадаюць выкарыстаць кампанію, каб захапіць уладу і зьмяніць канстытуцыйны рэжым, арганізуючы рэвалюцыю накшталт грузінскай у 2003 годзе, украінскай у 2004 годзе ці кіргізскай у 2005 годзе,” – заявіў Сухарэнка падчас прадстаўленьня закона у парламенце (Карын Дэлюа. Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 19 сакавіка 2006).

Сухарэнка нават даводзіў дэпутатам, што ў Беларусі нібыта дзейнічалі некалькі лягероў для падрыхтоўкі баевікоў. Зь ягоных словаў, натрэніраваныя там баевікі мелі ўдзельнічаць у масавых беспарадках падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Старшыня КГБ заявіў, што такія лягеры дзейнічалі на Крупшчыне і Вялейшчыне, аднак так ніколі не і прывёў канкрэтных доказаў іх існаваньня. Такія ж лягеры быццам бы існавалі за межамі Беларусі і галоўная іх задача – паўтарыць “каляровую” рэвалюцыю. Сухарэнка адзначыў, што “насамрэч мы сутыкаемся з цэлай індустрыяй ў падрыхтоўцы так званых “каляровых” баевікоў рэвалюцыі”. Ён заявіў, што ЗША выкарыстоўваюць рэсурсы міжнародных і замежных недзяржаўных арганізацыяў для падрыхтоўкі спэцгрупаў, якія мяркуецца задзейнічаць для арганізацыі масавых вулічных выступаў у Беларусі. Паводле Сухарэнкі, асноўнымі арганізатарамі вулічных выступаў маглі стаць незарэгістраваныя моладзевыя арганізацыі “Малады Фронт” і “Зубр”. Аднак кіраўнік КДБ падкрэсьліў, што галоўнай пагрозай нацыянальнай бясьпецы могуць стаць ня выступы апазыцыі, якая на ягоны погляд “расьцярушаная і не карыстаецца падтрымкай у грамадзтве”, а ціск з боку Захаду, які ўзмацняецца .

Падчас прыняцьця адыёзнага законапраекту сярод дэпутатаў парлямэнту распаўсюджвалася адмысловая брашура з тлумачэньнем важнасьці жорсткіх захадаў супраць “рэвалюцыянэраў”, у ёй утрымліваўся сьпіс з больш чым 30 замежных і міжнародных арганізацыяў, якія ажыцьцяўляюць альбо фінансуюць падрыўную дзейнасьць супраць беларускага рэжыму (гэта у тым ліку амэрыканскія Нацыянальны фонд у падтрымку дэмакратыі і Міжнародны рэспубліканскі інстытут, разьмешчаныя ў Польшчы Ўсходнеэўрапейскі дэмакратычны цэнтар, фонд імя Стэфана Баторага, польска-амэрыканскі Інстытут дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе, славацкая фундацыя “Понціс” і інш). Варта таксама зьвярнуць увагу на заяву Сухарэнкі пра скіраванасьць гэтага законапраекту супраць канкрэтных пэрсонаў.

Крымінальны кодэкс дапоўніўся шэрагам новых артыкулаў. У тым ліку, артыкулам 193-1 (незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі, альбо фонду альбо ўдзел ў іх дзейнасці). Норма артыкулу прадугледжвае, што арганізацыя дзейнасьці альбо ўдзел у дзейнасьці арганізацыі і фондаў, у адносінах да якіх увайшло ў сілу рашэньне аб прыпыненьні іх дзейнасьці ці закрыцьці, караецца штрафам альбо арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, ці пазбаўленьнем волі на тэрмін да двух гадоў. Ва ўмовах, калі пераважная колькасьць няўрадавых арганізацыяў Беларусі працуе без рэгістрацыі, а атрымаць дзяржаўную рэгістрацыю для незалежнай ад уладаў грамадзкай структуры практычна немагчыма, гэтая норма аўтаматычна запісвае ў злачынцы тысячы беларускіх грамадзянаў. Асоба, якая добраахвотна спыніла ўдзел у такой арганізацыі і заявіла аб гэтым адпаведным дзяржаўным органам, будзе вызвалена ад крымінальнай адказнасьці, калі ў яе дзеяньнях няма складу іншага злачынства. У артыкул 193 (“Арганізацыя альбо кіраўніцтва грамадзкім аб’яднаньнем, рэлігійнай арганізацыяй, якія пасягаюць на асобу, правы і абавязкі грамадзянаў”) уведзеная норма, якая павялічвае памер адказнасьці за гэтае злачынства, калі яно зьдзейсьненае ў форме незарэгістраванай грамадзкай арганізацыі (караецца арыштам на тэрмін да 6 месяцаў, альбо пазбаўленьнем волі натэрмін да трох год).

Артыкул 293 “Масавыя беспарадкі” дапоўніўся трэцяй часткай, згодна якой навучаньне альбо іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках ці фінансаваньне падобных справаў будуць пакараныя арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў альбо пазбаўленьнем волі на тэрмін да трох гадоў. З улікам таго, што дадзены артыкул ужо ўтрымліваў нормы пра арганізацыю масавых беспарадкаў (частка 1 памянёнага артыкула), то гэтае ноўніцтва азначала крыміналізацыю тых дзеяньняў, якія фактычна масавымі беспарадкамі не зьяўляюцца і не парушаюць грамадзкага спакою. Па-сутнасьці, караецца нават не замах на масавыя беспарадкі, а ўсяго толькі задума на іх зьдзяйсьненьне. Вялікая праблема палягае ў тым, што дадзеная норма можа выкарыстоўвацца надалей супраць любой адукацыйна-асьветніцкай дзейнасьці, якая, на думку дзярслужбоўцаў, у пэрспектыве якімсьці чынам можа пагражаць устойлівасьці аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі. Туманнасьць (верагодна, закладзеная наўмысна) фармулёвак, якія ўжываюцца ў дадзеным артыкуле (“навучаньне альбо іншая падрыхтоўка асобаў...” ды “фінансаваньне альбо іншае матэрыяльнае забесьпячэньне”) дазваляе выкарыстоўваць гэтую норму адвольным чынам і прыцягваць да адказнасьці па гэтым артыкуле нават і без фактычнай наяўнасьці злачыннага дзеяньня як абавязковай аб’ектыўнай часткі складу злачынства.

Артыкул 342 Крымінальнага кодэкса дадаецца палажэньнем, якое прадугледжвае, што навучаньне альбо іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак (зьвязаныя з непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням супрацоўнікаў улады альбо тыя, што выклікалі парушэньне працы транспарта, прадпрыемстваў, установаў альбо арганізацыяў), а роўна фінансаваньне альбо іншае матэрыяльнае забесьпячэньне такой дзейнасьці пры адсутнасьці прыкмет больш цяжкага злачынства караецца арыштам да шасьці месяцаў, альбо пазбаўленьнем волі на тэрмін да двух гадоў. Відавочна, што дадзеная навэла ідзе ў пары з папярэдняй нормай з артыкула 293 і стварае магчымасьць прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці тых асобаў, якія вядуць асьветніцкую дзейнасьць у галіне грамадзянскай актыўнасьці. Пад дадзеную норму падпадаюць тыя сродкі палітычнай і грамадзянскай актыўнасьці, якія відавочна не зьвязаныя з арганізацыяй масавых беспарадкаў – акцыі негвалтоўнага супраціву, забастоўкі, перакрыцьцё транспартных шляхоў, флэш-мобы, галадоўкі і інш.

Згодна з новай рэдакцыяй Крымінальнага кодэкса, была ўзмоцненая адказнасьць за публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады альбо гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу (артыкул 361 Крымінальнага кодэкса). За гэта прадугледжана пакараньне ад шасьці месяцаў арышту да пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў. Пры гэтым значна пашыраны аб’ект абароны, які ахоўваецца дадзеным артыкулам і павялічваецца спэктар магчымых сродкаў распаўсюджаньня дадзеных заклікаў: “Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады альбо гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу, альбо здрады дзяржаве, альбо зьдзяйсьненьню тэрарыстычнага акту, альбо дывэрсіі, альбо зьдзяйсьненьню іншых дзеяньняў на шкоду зьнешняй бясьпецы Рэспублікі Беларусь, яе сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці, нацыянальнай бясьпецы і абароназдольнасьці, альбо распаўсюд матэрыялаў, якія ўтрымліваюць гэткія заклікі”. Паводле другой часткі дадзенага артыкулу, асабліва караюцца такія заклікі, калі яны зьвернутыя да замежнай дзяржавы, замежнай альбо міжнароднай арганізацыі: заклікі, звароты да замежных краін, замежнай альбо міжнароднай арганізацыі зьдзейсьніць дзеянні, якія могуць нанесьці страты зьнешняй бясьпецы Беларусі, яе сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці, а таксама распаўсюджаньне матэрыялаў, якія ўтрымліваюць такія заклікі, караюцца арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў альбо пазбаўленьнем волі на тэрмін да трох гадоў (калі гэтыя заклікі будуць распаўсюджвацца праз СМІ, пакараньне ўзрасьце — пазбаўленьне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў) . Відавочна, што настолькі туманнае вызначэньне магчымых злачынных дзеяньняў без канкрэтызацыі магчымых мэтадаў зьдзяйсьненьня злачынства дазваляе пераўтварыць дадзены артыкул у дзейсны сродак барацьбы са свабодай слова і з палітычнымі апанэнтамі дзеючай улады. Фактычна, любая праява незадаволенасьці дзеючым рэжымам і заклік да зьмяненьня становішча можа быць трактаваны як злачынны.

Крымінальны кодэкс таксама дапоўніўся новым артыкулам 369-1 — “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь”. Пад дыскрэдытацыяй разумеецца “дача замежнай дзяржаве, замежнай альбо міжнароднай арганізацыі заведама ілжывай інфармацыі аб палітычным, эканамічным і сацыяльным, ваенным альбо міжнародным палажэньні Рэспублікі Беларусь, прававым палажэньні грамадзян Рэспублікі Беларусь альбо яе органаў улады”. Такія дзеяньні будуць пакараныя арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў альбо пазбаўленьнем волі на тэрмін да двух гадоў. Праваабаронцы і журналісты выказваюць занепакоенасьць тым, што дадзены артыкул як быццам бы адмыслова прадназначаны супраць незалежных журналістаў і праваабаронцаў.

Улічваючы наяўнасьць ў Крымінальным кодэксе агульнай адказнасьці за паклёп, новая норма можа прымяняцца фактычна выключна супраць палітычных апанэнтаў. Артыкул 369-1 – гэта абсалютна клясычны прыклад палітычнага крымінальнага злачынства. Зьмест дадзенай нормы зьяўляецца беспрэцэдэнтным для беларускага права і паводле некаторых парамэтраў супярэчыць прынцыпам тэрытарыяльнасьці дзеяньня крымінальнага заканадаўства. Таксама гэта датычыцца ўведзенага ў артыкул 382 “Самавольнае прысваеньне званьня альбо ўлады службовай асобы” кваліфікуючай прыкметы: “Самавольнае прысваеньне званьня альбо ўлады службовай асобы, зьвязанае з удзелам на гэтай падставе ў перамовах альбо іншых сустрэчах з прадстаўнікамі замежных дзяржаваў, замежных альбо міжнародных арганізацыяў альбо ў пасяджэньнях міжнародных арганізацыяў”. Наяўнасьць такіх нормаў у крымінальным законе дазваляе караць грамадзянаў Беларусі (альбо нават замежнікаў!) за зьдзяйсьненьне дзеяньняў за межамі Беларусі.

Праваабаронцы Беларусі выступілі супраць увядзеньня палітычных артыкулаў у крымінальнае заканадаўства. «Уражвае цынізм, зь якім усё гэта робіцца: улада нават не спрабуе хаваць, што ўсё адбываецца ў сувязі з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі», — казаў праваабаронца зь Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак . Але цяпер у беларускіх спэцслужбаў зьявілася выдатнае “законнае” абгрунтаваньне для ажыцьцяўленьня палітычных рэпрэсіяў і крымінальнага перасьледу праваабаронцаў і ўсіх іншых апанэнтаў дзеючай улады. Прыняцьцё паправак разьвязала рукі сілавым структурам і адкрыла шлях да масавых рэпрэсіяў у Беларусі. Большасьць назіральнікаў сьцьвярджаюць, што асноўнай мэтай ўвядзеньня “драконаўскіх” крымінальных артыкулаў было застрашэньне незалежнага ад улады грамадзтва напярэдадні старту выбарчай кампаніі. Першая мэта — запалохваньне, другая — спыненьне дзейнасьць няўрадавых і палітычных арганізацый праз крымінальны перасьлед актывістаў, трэцяя — далейшая інфармацыйная ізаляцыя беларускага грамадзтва.

Зрэшты, практыка ўжываньня новаўведзеных паправак не прымусіла сабе доўга чакаць. Першымі пад удар патрапілі актывісты грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства”, што спэцыялізаваліся на ажыцьцяўленьні назіраньня за выбарамі. Такім чынам, фактычна была разбураная нацыянальная сістэма атрыманьня альтэрнатыўных вынікаў галасаваньня. Пазьней былі распачатыя некалькі іншых крымінальных справаў па новых артыкулах, у тым ліку супраць маладзёвых грамадзянскіх структураў.